Усе лекцыі з “Інтэргісторыі”
17.07.15

Паўгады у Віцебску ішоў курс для менеджараў культурнай спадчыны “Інтэргісторыя”. Ён скончыўся ў чэрвені і за гэты час перад маладымі людзьмі з Віцебска і вобласці выступіла два дзясятка выкладчыкаў. Гэта былі знаўцы архітэктуры, турызму, гісторыі, мастацтва, археалогіі. Лепшыя адмыслоўцы як па віцебскай спадчыне, так і больш агульных прадметах.

Лявон Калядзінскі знаёміў з археалагічным патэнцыялам нашага горада. Міхась Цыбульскі выклаў надзвычай ёмісты аповед пра віцебскую мастацкую школу з ХІХ ст. па (што вельмі важна!) сённяшні дзень. Гісторык Максім Каралёў закрануў гісторыю латышскай прысутнасці ў рэгіёне, а галоўны захавальнік Віцебскага абласнога архіва Канстанцін Карпекін — багатую яўрэйскую спадчыну горада.
 
Частка тэмаў насіла менш лакальны характар. Госці з Менска, Гародні, Вільні распавядалі пра экскурсазнаўства, прававыя нормы аховы спадчыны, удзел грамадства ў папулярызацыі мінулага і нават некрапалістыку.

Самае каштоўнае, што ядро гэтых выступаў цяпер даступнае для кожнага жадаючага. Відэа з багата ілюстраванымі лекцыямі апублікаваныя на адукацыйным сайце Publicrepublic.info. Для зручнасці прагляду асобная калекцыя зарганізаваная і на YouTube. Яе можна пачаць глядзець ніжэй, не сыходзячы з гэтай старонкі.

Арганізатары з суполкі Vitebsk4Me засталіся надзвычай задаволеныя якасцю курса. Яны выказалі вялікую ўдзячнасць усім спецыялістам, якія адгукнуліся на просьбу падзяліцца сваімі ведамі. Поўны спіс выкладчыкаў і тэмаў выглядае наступным чынам:

  1. Сцяпан Стурэйка, культурны антраполаг, выкладчык Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня, Літва). “Замкі і людзі”
  2. Анатоль Якаўлеў, краязнаўца, даследчык гісторыі этнічных меншасцяў на Віцебшчыне. “Польская прысутнасць у гісторыі Віцебска”
  3. Яўген Калбовіч, архітэктар, рэстаўратар, навуковы кіраўнік гістарычнага цэнтра Віцебска. “Архітэктурная спадчына Віцебска: мінулае і рэстаўрацыя”
  4. Цімафей Акудовіч, экскурсавод, сябра Беларускага камітэта ICOMOS, спецыяліст па некрапалістыцы. “Папулярызацыя і сістэматызацыя культурнай спадчыны”
  5. Леанід Калядзінскі, археолаг, кандыдат гістарычных навук. “Верхні замак Віцебска і яго музеефікацыя”
  6. Максім Каралёў, гісторык, даследчык латышскай прысутнасці на тэрыторыі Віцебшчыны. “Латышы ў гісторыі Віцебска”
  7. Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, дырэктар інстытута “Палітычная сфера”. “Палітычная сфера: часопіс, канферэнцыя, кангрэс”
  8. Міхась Цыбульскі, кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта. “Віцебская мастацкая школа”
  9. Ігар Мельнікаў, кандыдат гістарычных навук, рэканструктар. “Ваенна-гістарычная рэканструкцыя”
  10. Мікола Плавінскі, археолаг, аўтар папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. “Турыстычнае выкарыстанне археалагічнай спадчыны”
  11. Андрэй Янушкевіч, кандыдат гістарычных навук, кнігавыдавец. “Выдавецкая справа і гісторыя”
  12. Таццяна Касатая, гісторык, грамадская дзяячка з Гародні (Беларусь), дактарантка Інстытута славістыкі Польскай Акадэміі навук. “Грамадская ініцыятыва і актуалізацыя спадчыны”
  13. Мікалай Півавар, кандыдат гістарычных навук, краязнаўца. “Гісторыка-культурная спадчына ў наваколлях Віцебска”
  14. Іна Абрамава, гісторык, краязнаўца. “Культура Віцебска ў часы Расійскай імперыі”
  15. Антон Астаповіч, старшыня “Беларускага дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. “Ахова помнікаў гісторыі і культуры: прававыя асновы”
  16. Мікалай Півавар, кандыдат гістарычных навук, краязнаўца. “Грамадскае жыццё Віцебска 1980-х–1990-х гадоў”
  17. Канстанцін Карпекін, кандыдат гістарычных навук, галоўны захавальнік Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці. “Яўрэі ў гісторыі Віцебска”
  18. Уладзімір Ткачэнка, гід-міжнароднік. “Экскурсія па прафесіі гіда”
  19. Алег Трусаў, археолаг і гісторык архітэктуры. “Віцебская архітэктурная школа”