“Творчы чацвер” збірае грамадскія ініцыятывы і дзяржаўныя ўстановы
04.02.16

У Год культуры УК “Музей “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” (ВЦСМ) арганізуе серыю спатканняў з грамадскімі ініцыятывамі і культурніцкімі актывістамі горада. Да ўдзелу ў серыі “Творчы чацвер” запрашаюцца прадстаўнікі дзяржаўных ўстановаў культуры, адукацыі і мастацтва, якія жадаюць разнастаіць сваю дзейнасць у супрацы з маладымі культурнымі дзеячамі. 

 
Падчас сустрэч маладыя актывісты будуць прэзентоўваць свае задумы і праекты, у рэалізацыі якіх ім трэба дапамога дзяржаўных устаноў. 
 
Ідэя падобных спатканняў паўстала пад час Кірмаша моладзевых ініцыятыў “Горад для мяне”, зарганізаванага ВЦСМ у партнёрстве з творчай супольнасцю Vitebsk4Me ў лістападзе 2015 года. На агульным абмеркаванні падчас Кірмаша творчымі ініцыятывамі горада была агучана пільная патрэба ў стварэнні падобнай платформы для супрацы. 
 
“Творчы чацвер”  — гэта ўнікальная магчымасць за чатыры месяцы сустрэчаў пазнаёміцца з двума дзясяткамі маладых культурніцкіх ініцыятыў горада і ўключыцца ў рэалізацыю найбольш падыходзячых для ўстановы праектаў.
 
Спатканні будуць адбывацца раз на тыдзень па чацвяргах у Выставачнай залі ВЦСМ (пр-т Фрунзэ, 11 (“Музычная гасцінная”). Пачатак у 17:00. Першая сустрэча адбудзецца ў чацвер 11 лютага.
 
Па ўсіх пытаннях і ўдакладненнях звяртайцеся, калі ласка, да навуковага супрацоўніка УК “Музей “ВЦСМ” Уладзіміра Булаўскага па наступных тэлефонах: +375 212 61-74-55 (працоўны), +375 25 913-38-76 (мабільны). Альбо на e-mail: stvorym@gmail.com